Ірвёмся ў неабжытае...

Сярэдняя: 5 (2 галасоў)
             Дануце Бічэль-Загнетавай

Ірвёмся ў неабжытае
Адтуль, дзе мы раслі.
Але вяртае жыта
Дахаты, да зямлі.

Там перапёлка плача,
Агні рабін гараць.
Там крэўная задача —
Пасеяць і сабраць.

Ідзеш у свет ажынны,
Прасторны, трапяткі.
I слухаеш: вякі
Калосяцца, як жыта.

Дубовае вядзерца
У Гаўі — для гасцей.
А кладачка — праз сэрца.
Ідзі па ёй смялей!

I ў песні самавітай
Хоць гук любы вазьмі —
Там голас з жытам зліты,
А значыць — і з людзьмі!