Правяраючы час і сябе

Сярэдняя: 5 (1 голас)

...Толькі вецер кране беласнежны кілім.

...Лёд калодзежа мама праб'е.

Пасвяткуем. На сходах ўзахлёб нашумім,
Правяраючы час і сябе.

На вяселлі зайграе сляпы інвалід,
Але песня ўзляціць не ў жальбе.

Памяркуем. Адыдзем ад звад і ад крыўд,
Правяраючы час і сябе.

Скажуць сонца і першая краска: «Жыві!»
Жар вандроўных вугельчыкаў бура зграбе.

Друга самага лепшага апускаючы ў жвір,
Час пазначым. Праверым сябе.

Праклінаем долю, неба...

Сярэдняя: 3.7 (3 галасоў)

Праклінаем долю, неба.
Нібы ў страшны час жывём.
Стала надта многа хлеба:
Трошку цвёрды — не бяром,

Хоць патрэбна болей ласкі
Ачужэлым гарадам...
Ах, як ззяюць срэбным бляскам
Вашы пальчыкі, мадам!

Многа солі, хлеба многа.
Дык адкуль жа — ноце злой?
Як па сэрцы мне — пазногаць
Вострым пройдзецца лязом.

Дык адкуль жа слоўца-куля,
Вочы, гнеўныя да слёз?
Хоць ні боты, ні кашулю
Не купляем навырост.

Прыгаршчы святла

Сярэдняя: 5 (3 галасоў)

У паэтэс лірычнае адзенне,
Яно ў радках з заранак і аблог.
Ды колькі раз падманвалі падзеі
I адступаўся памагаты Бог.

Нібы ў часы раскосага Батыя,
На сэрцы словы пікай упадуць.
Ярлык прыклеяць самыя святыя
I грэшныя — упасці не дадуць.

Дзе час былы з паводкай весялосці,
Дзе шчыры поціск вернае рукі?
Саманаіў расстайнай маладосці
Агнём на сэрцы выпіша радкі.

I змые час дурных здзіўленняў пену,
I пачуццё абвугліцца датла.
...Паэзія, — яна не знае тлену,
Калі ў душы хоць прыгаршчы святла.