Мой горкі прыпамін...

Сярэдняя: 5 (9 галасоў)

Мой горкі прыпамін,
Жыцця скупая проза:
Яго туга — Палын!
Яе святло — Бяроза!
Якой бы старане
Ні аддаваць паклоны —
Заўсёды для мяне
Шчыміць агонь зялёны.
Над самым судным днём
I над жыццёвай прозай
Панікну Палыном
I выстаю — Бярозай.

Мтацмінда*

Сярэдняя: 4.9 (10 галасоў)
                          У Тбілісі, у пантэоне на гары Мта-
                          цмінда, пахаваны Ніколаз Барата-
                          твілі, Ілья Чаўчавадзе, Акакій Цэ-
                          рэтэлі, Важа-Пшавела, Галакціён
                          Табідзе...

Вінаградны і сонечны дзень,
Нібы горы, тут высяцца леты.
Не бывае бязгрэшных людзей,
Не бывае бязгрэшных паэтаў.

Мы з табою, гара, памаўчым.
Дык чаму ж навакол пасвятлела?
То каханыя лікі жанчын —
Можа, Мэры, а можа, Натэла.

Як прыбіты яны да цябе!
Хоць над ласкай — зямліца сівая.
Час не можа сканаць у журбе,
Бо паэзія сэрца — жывая.

Дай мне светлую жменьку надзей,
Цеплынёю грузінскай сагрэтай,
Не бывае бязгрэшных людзей.
Як святых, тут шануюць паэтаў.

* Мтацмінда (груз.) — святая гара.

Ні на міг, ні на век — не твая...

Сярэдняя: 4 (3 галасоў)

Ні на міг, ні на век — не твая.
Так і трэба, відаць, так і трэба!
Распрыгонена сцежка мая
Аж да самага хмарнага неба.

Пажадаю імклівай хады.
Не спаткаю ужо, не спытаю.
...Капытамі на снезе сляды
I на волі маёй — капытамі.