Метафара

Сярэдняя: 5 (4 галасоў)

Я высветлю цябе зусім знянацку
Над ціхім і напорыстым радком.
Метафара — ты ёлачная цацка,
Ліловы чад над бацькавым грудком.

Калі нячутна снег ляціць над светам
І доўга не праходзяць маразы,
Ты нібы ў дар з'яўляешся паэту,
Здзіўляючы да чуйнае слязы.

Цябе не раз лавілі, як какетку,
Прыклейвалі па чыстыя лісты.
Але заўжды была ты этыкетам
Народнае і мудрай прастаты.

Не адхіліць бы кволую былінку,
Не размяняць на дробязь пачуцця!
О, гэта ты — нязгасная іскрынка:
Метафара сумнення і жыцця.