Народ у паэзіі Яўгеніі Янішчыц

Адзін з духоўных настаўнікаў паэткі дакладна адзначыў: «З глыбінь народнага жыцця // Увысь ірвалася Янішчыц...» (Н. Гілевіч). Галоўнае для яе — «душу... народную адчуць» («На тралёўцы лесу»), увабраць у сябе каштоўны вопыт людскога жыцця. Слова «народ» не было ва ўяўленні Я. Янішчыц чымсьці абстрактным, яна ўсведамляла сябе часткай вясковага люду, «зямлі ўдоў і сірат», ёй былі ўнутрана блізкія палескія жанчыны, старыя людзі — носьбіты духоўнага багацця краю. Паэтка прызнавалася: «Калодзеж памяці дзядоў // Быў самы найсалодкі» («Вясло і перавясла»). Яна добра ведала, што «паляшук — народ рахманы» («На тралёўцы лесу»), адчувала «сваю духоўную радню» («Жывём!»). Народ для Я. Янішчыц — не толькі вяскова-сялянская супольнасць, але і значна большае — людская грамада, з'яднаная адзінай гераічнай і трагічнай гісторыяй, спрадвечнымі культурнымі і маральнымі каштоўнасцямі. Яна ўдзячная продкам за тое, што тыя данеслі да нас «родную, цёплую, жывую і непаўторную» мову, услаўляе легендарную веліч беларусаў, іх моц і загартаванасць, гаворыць пра неабходнасць мець пачуццё духоўнай еднасці праз прыналежнасць да агульных традыцый і ідэалаў:

                                 На паверцы стаім, на паверцы,
                                 Растапляючы камень і лёд.
                                 I прасвечваюць нашыя сэрцы
                                 Каліноўскі. Купала. Народ.

                                                        «...I прасвечваюць нашыя сэрцы»

Вера ў свой народ і яго лепшы лёс ніколі не пакідала паэтку. Яна з упэўненасцю сцвярджала непарушнасць духоўных асноў: «Тут, дзе не скончыцца песня ніколі // I не ўпадзе на калені народ!» («Тут»). Гісторыю роднага краю Я. Янішчыц успрымала як драматычную, суровую, бо чалавек, народ у цэлым вельмі часта рабіліся закладнікамі часу, не мелі ўмоў для нармальнага існавання. Калі ў 80-я гг. прыйшла грамадская перабудова і зноў загаварылі пра сталінскі перыяд, паэтка была ўзрушана праўдай пра «здзекаў жах» і расправу з таленавітымі сынамі свайго народа. З журбой і гаркотай яна выказалася ў вершы «Над хронікай 30-х гадоў», у той самы час з гневам асуджала людскую подласць, хлусню, гвалт і жорсткасць. Я. Янішчыц разумела, што абдзеленым і пакрыўжаным народ стаўся не толькі праз неспрыяльныя гістарычныя абставіны. У вершы «Аб масе» яна папярэджвае пра страту нацыянальна-духоўнага і маральнага імунітэту:

                                 Якая ж ты народнасць а ці раса,
                                 Што ўжо ідзеш сама сабе на звод?
                                 Мяне само трывожыць слова «маса»,
                                 Якое замяняе ўжо — народ!

Сваю паэзію Я. Янішчыц не ўяўляла адарванай, безадноснай да сучаснага жыцця, людскіх радасцей і трывог, рэальных праблем часу, таму і жыла думкай народнай. Яна прытрымлівалася традыцыйнага, але эстэтычна сутнаснага погляду на паэта, абавязак якога — даражыць бацькоўскай зямлёй і быць неадлучным ад народнага лёсу:

                                 I пакуль дыхае планета,
                                 Не вынішчаецца датла
                                 Душа народа і паэта
                                 У шуме жытняга святла.

                                                   «У шуме жытняга святла»