Няпраўда, ужо не сумую...

Сярэдняя: 4.8 (4 галасоў)

Няпраўда, ужо не сумую,
Але, затуманіўшы зрок,
На ўсіх скрыжаваннях раўную
Твой голас, твой позірк, твой крок.

Блакітам поўняцца яблыкі
Славянскіх адкрытых вачэй.
Мне сёння любіць безаглядна
Высокая выпала чэсць.

Да смагі, да хрусту, да болю,
Да самай апошняй з мінут
Іду і бягу за табою,
Зрываючы путы пакут.

О Божа, няпраўда, што свята
У мяне засталося на чвэрць.
Я сёння настолькі багата,
Што ўжо не баюся збяднець!