Нясуджаны, я так скажу аднойчы...

Сярэдняя: 2.3 (4 галасоў)
Нясуджаны, я так скажу аднойчы,
Заглядваючы ў бездань, нібы ў дні:
Міні мой дом, і голас мой, і вочы.
Забудзь мяне. Яе — не абміні!

Грахом узнагароджаны, закляты!
Святы, нібыта Юрый на кані, —
Пі юны хмель, растрачвай грошы ў свята,
А на яе хоць зводдаля зірні.

Яшчэ зялёны дзень, яшчэ зялёны
Разбег вясны на маладым ствале.
Зрывай апладысменты і паклоны,
Тапчы пажар бясслаўнасці,
                                                але,

Калі святло ад недаверу згіне,
Няспешна прывітай яе спярша:
Я так цябе чакала, што ў каліне
Адбілася уся мая душа!