Палессе

Сярэдняя: 5 (4 галасоў)
                                Валянціне Коўтун

Зірнём на донца гладыша:
Чарніцы ды ажына.
Няхай канчаецца шаша:
Вядзе далей — сцяжына.

Бо тут і вогнік не атух.
Ігліца, як прыколка.
I чараўнічы дух шаптух
Настоены на зёлках.

Зашамаціць услед чарот.
Дзе зоры? Невядома.
Ды не застрашыць зводнік-чорт
I не заб'е нас громам!

У міласэрнай варажбе
Шукаючы спатолю,
Мы сцежку выбралі сабе
Як песню. I як долю.