Пасля траўмы

Сярэдняя: 5 (1 голас)

Здавалася: ні голасу, ні цела,
А ў галаве — сірэны і званы.
I аднаго тады душа хацела:
Упасці у сівыя палыны!

Смылела ноч, палаты дыярама,
I чорны прывід кратаў за руку.
I знала я: рыдае дзесьці мама
I, ледзь жывая, едзе ў цягніку.

Кругі шляхоў, як чорныя пласцінкі,
I смутнай хваляй — сэрца ускалых.
I курс немедыцынскае лацінкі
«Per aspera...» — будзілі хворы слых.

Мне сорамна цяпер і не да твару
Маленне прорвы воўчай ці грудка...
I знаю я: ёсць тысячы аварый
На ўдары сэрца, думкі і радка!

Прайду быллём і церпкай лебядою.
I на жыццё развяжа вочы сын.
...Гляджу, як прад усмешкай маладою
Дрыжыць сухі, збянтэжаны палын.