Роздум над недасяжным словам

Сярэдняя: 1 (1 голас)

Расло увысь і вырастала ўшыр.
Цвіло на вуснах. Тлела над нагамі.
Не раз кідала з вышыні у вір
I пад вачмі сыходзіла кругамі.

Узносіла над прорваю журбы,
Паглядамі маланкавымі секла.
I сутыкала медныя ілбы
Над ліхаманкай вогненнага пекла.

Нібы дзіця, трымала за руку.
Абараняла ад сляпой навалы.
Было глухой малітвай мужыку
I світкаю свяшчэннай для Купалы.

Цякло, як брага хмельная з каўша.
На бой вяло рашуча і сурова.
Адно я знаю, што пустога слова
Не выцерпіць глыбінная душа.