Розум

Сярэдняя: 3.3 (3 галасоў)
Згустак шэрага рэчыва —
Мозг журбы і надзей.
Свет стаміўся ад спрэчак,
Ад надзей ці людзей!

I зямля знепакоена,
Цяжка стогне зямля.
Землятрусамі, войнамі
Хіба выжывем
                          для

Непаўторнае, новае,
Залатое пары...
Хто вы, мондрыя Коэны,
I — за што? — змагары.

Свет вялікі і розны:
Межы, дрэвы, драты.
Толькі верыцца ў розум
Той,
        што сее жыты.

Свет ласкавы і грозны:
У крыві і ў расе.
Толькі верыцца ў розум
Той,
         што шчасце нясе.

Згустак шэрага рэчыва,
Згустак шэрага вечара.
Згустак страшнага нечага,
А ці добрага, вечнага?!