Шастае вятрыска па дуброве...

Сярэдняя: 2 (1 голас)

Шастае вятрыска па дуброве.
Сонца лістапада — на нулю.
Залатой саломачкі карове
Паўкапешкі шчыра рассцялю.

Покуль будуць частавацца госці
Ды цягнуць расчулены хмялёк,
Занясу Барбосу (ягамосці,
Проша не аб'едзены кусок).

Пойдзе галасей руды і хмуры,
Асівее цішыня двара.
Лаз прыкрыю, каб дурніцы-куры
Не ўпусцілі хіжага тхара.

Стане песні дзіўнай пераборы
Варушыць зрадзелая радня.
Будзе ноч празрыстая. I зоры.
І паўсюль — на свеце! — дабрыня.