Такой прысні, як яблыневы сад....

Гэты радок з верша Жэні Янішчыц чамусьці папрасіўся ў назву. Я не ведаю, да каго ён быў звернуты і з якой нагоды, але да мяне асабіста Жэня не, не ды і прыйдзе ў сон і ўжо толькі ў сон, — сёння, заўтра, заўсёды, пакуль дзесьці не абарвецца і мая жыццёвая сцежка. Жэня пайшла з жыцця дзесяць гадоў таму, менавіта пайшла, пакінуўшы ўсім, хто яе ведаў, хто сябраваў з ёю, загадку свайго лёсу.

І я гадам неразгаданым,
нібы сябрам, махну рукой...
Ах, што там, што там за туманам —
дарога? Бездараж? Спакой?

— будзе дапытвацца яна ў адным са сваіх ранніх вершаў, яшчэ не ведаючы, што ёй была наканавана шырокая, ясная, але такая кароткая дарога, на якой адно: вершы і вершы, пра якія яна сама аднойчы скажа: “Ластаўкі з гнёздаў вясны”. Жэня і сама была, як ластаўка, якая вылецела з гнязда сваёй палескай хаты, акрыленая, узнёслая, даверлівая, ад таго і ранімая. Яна і жыла ў тым палёце, “выдыхаючы ў неба радкі”, не надта ўладкоўваючы свой быт, не думаючы пра пасады, званні ды ўзнагароды, што для многіх было вельмі істотна ў тым, ужо даволі далёкім часе. Яна жыла Паэзіяй, высокай і натхнёнай, — калі не зойдзеш да яе, на стале заўсёды ляжаў стосік новых вершаў. I любая размова пачыналася з чытання...

Над адзінотаю ўсмак пасваволю
I пасміхнуся, з блазноты, не раз.
Знаю паэта нялёгкую долю:
Выплеснуць сэрца сваё напаказ.

Гэта ўдаецца нямногім паэтам — пісаць сэрцам. Рана ці позна прыходзіць літаратурны вопыт і, на жаль, вершы пачынаюць страчваць сваю першародную свежасць, той няўлоўны водар, які не пад сілу развеяць нават стагоддзям. Адсюль несмяротнасць сапраўднай паэзіі, у гэтым водары загадка таленту. Гаворым жа мы: “Загадка Максіма Багдановіча”, ёсць і загадка таленту Жэні Янішчыц. У яе нібыта і не было вучнёўства. Першая кніжка «Снежныя грамніцы», радкі, якія сталі крылатымі:

Ты пакліч мяне. Пазаві.
Там заблудзімся ў хмельных травах.
Пачынаецца ўсё з любві,
Нават самая простая ява...

I адразу ж прыйшла вядомасць, ужо немагчыма было ўявіць беларускую паэзію без вершаў Жэні Янішчыц, без яе трапяткога, яркага, самабытнага паэтычнага голасу. Потым былі кніжкі “Дзень вечаровы”, “Ясельда”, “На беразе пляча”, “Пара любові і жалю”, “Каліна зімы”, “Перавясла”... Бяру кожную з іх, перагортваю старонкі, многія з вершаў настолькі знаёмыя, што я магу сказаць, калі, у які момант яны пісаліся. У іх ёсць усё, з чаго складаецца жыццё, — радасць і боль, любоў і пакута, каханне і расчараванне. Яна ўмела толькі ёй уласцівымі слоўкамі напісаць пра сваё Палессе, пра маці, пра сына, пра нешта сваё асабістае, у яе шмат прысвячэнняў сябрам, равеснікам і старэйшым нашым творцам, а ўсё разам — чыстая, вялікая, высокая Паэзія. Толькі ж я не літаратурны крытык, з-за кожнага верша на мяне пазірае сваімі ўдумлівымі, глыбокімі вачамі Жэня...

Калі ж гэта мы пазнаёміліся, ці не ў 1968 годзе? Але гэта пакуль быў кароткі момант. Мне запомнілася тады Жэня вельмі шчасліваю. У яе было ўсё: творчы ўзлёт, светлае каханне, потым было вяселле. Муж — Сяргей Панізнік таксама надзвычай яркі, таленавіты паэт. Але ці можна жыць пад адным дахам дзвюм агністым зоркам, двум агням? Зорка жыве сама па сабе... Жэня і жыла адна разам з сынам. Але гэта ўжо была іншая Жэня. У вершы “Знак тайны” чытаю страфу:

Ёсць тайны знак у песні неўміручай,
А гукі-словы — сэрца спарышы.
Ці знацьмеш ты, о колькі рос гаручых
Змясцілася на дне маёй душы.

Але гэтыя “росы гаручыя” яна хавала глыбока ў сабе, а знешне, дзе і бралася дужасць, імкнулася як мага больш узяць на сябе: кагосьці падтрымлівала, некага затуляла, унікала ў чужы клопат. Часам, ледзь толькі раніца выпырхне з начы, а Жэня ўжо тэлефануе: “Бяры “ЛіМ”, разгортвай... Надрукаваны такія выдатныя вершы Лёні Галубовіча!”, альбо: “Алесь Асіпенка цяжка хварэе, ляжыць у лечкамісіі, давай купім кветкі ды падбяжым”, ці штосьці накшталт: “Заўтра секцыя паэзіі, прыходзь, трэба падтрымаць Змітрака Марозава”.

У яе ў кватэры заўсёды хтосьці быў: то нейкая маладая паэтка са сваімі вершамі, то блізкія сябры, і я не бачыла чалавека больш гасціннага. Здавалася, Жэня і не жыве для сябе. Танюткая, рухавая, яна нагадвала чарацінку, якая моцна ўраслася ў айчынную глебу. I калі напачатку хтосьці са старэйшых сказаў пра яе: «Палесся мілае дзіця», дык пасля, калі ўжо Жэні не стала, Валодзя Някляеў напісаў у артыкуле пра яе, што яна нагадвала князёўну, была ў ёй такая прасветленая вялікасць. I ўжо зусім нядаўна, у адным з інтэрв'ю Іван Пятровіч Шамякін сказаў, што, калі пісаў сваю «Вялікую княгіню», за правобраз узяў вобраз Жэні Янішчыц. I, як гэта дзіўна гучыць “вобраз Жэні”, яна так ясна, жыва, да нейкіх асобных фраз, інтанацый уяўляецца ва ўспамінах, у тым мінулым, дзе засталася наша сумесная маладосць.

Яна нарадзілася ў лістападзе, і ў адным з вершаў можна прачытаць такія яе радкі:

І я начамі доўгімі не сплю,
як чалавек, навек адданы саду,
а ўсё таму, што родам з лістападу, —
я восень задуменную люблю.

Не дажджыстую, не ветраную, а задуменную, ціхую, агніста-залатую, дзе яшчэ шмат сонца. Жэня любіла сонечнасць, не, не ды і скажа: “Я так люблю сонца, а жыву бы ў падвале”. Яна жыла ў старым мінскім доме па Ульянаўскай вуліцы на першым паверсе, які нагадваў цокальны. Ужо была лаўрэатам прэміі Ленінскага камсамола і лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі, ужо пасылалася прадстаўніцай ад Беларусі ў Арганізацыю Аб'яднаных Нацый у Нью-Йорк, а нармальную кватэру атрымала толькі ці не ў апошні год жыцця.

Паэтаў нярэдка параўноўваюць з прарокамі, талент не толькі захапляе, а і прарочыць, бачыць далёка наперад. Нярэдка гэтае прароцтва праліваецца і на сваё ўласнае жыццё. У кнізе “Каліна зімы”, якая была выдадзена ў 1987 годзе, знаходжу такія радкі: “Іржавымі асеннімі лістамі на мне замкнецца смутку паласа”. Гэтак яно і здарылася. Праз год — 25 лістапада — гэтая паласа смутку замкнулася, так пажадала сама Жэня. А сёлетні лістапад — пяцідзесяцігадовы... Пяцьдзесят гадоў назад у невялікай палескай вёсачцы нарадзілася вялікая паэтка зямлі беларускай Жэня Янішчыц.

Шапаціць восеньскае лісце пад нагамі, волкае ды ржавае... Шапацяць сонечныя старонкі Жэніных кніг. А яшчэ ў мяне ёсць некалькі паштовак ад Жэні і назаўсёды ў памяці тая кватэра, той стары дамок на Ульянаўскай...

Выблісне ранняе лісце,
абмытае дымкай цяпла...
Ў гэтым доме калісьці
Жэня Янішчыц жыла.

Як сцежка ўзбягае крута,
і жмурышся ад святла...
З радасцю ці з пакутай
тут Жэня Янішчыц ішла.

Гады адляталі рыскамі,
шчасліваю ці была?
За гэтымі вокнамі нізкімі
журлівую споведзь вяла.

У далях цяпер адгукнецца
радкамі яе імя,
а сэрца ўсё б'ецца і б'ецца:
няўжо гэта Жэні няма?

Раіса Баравікова