Там лістапады выпалі...

Сярэдняя: 5 (1 голас)

Там лістапады выпалі,
Там выплылі плыты
I зоры воду выпілі
З азёраў залатых.

I зноў лячу дадому я,
I ўжо на схіле дня
Мне штось даўно вядомае
Спявае цішыня.

I адчуваю вечнае
У мове нематы —
Звіняць лугі надрэчныя,
Шапочуць чараты.

Як нейкі дар, як пошліну
Лаўлю наперабой
Тугі лісты апошнія
Асенняй галавой.