Вось так узгараецца слова...

Сярэдняя: 5 (5 галасоў)

Вось так узгараецца слова:
Паблізу. Сардэчна. Здаля.
Мы будзем з табою часова —
Праменьчык,
Іскрынка,
Ралля.

Спяшаемся часта дарэмна.
Марудзім на пошласць і зло.
Мы будзем з табою ўзаемна —
Каліна,
Слязіна,
Святло.

Глядзі, як заранка трапеча
Над шапкай зялёнай галля!
Мы будзем з табою навечна —
Карэньчык,
Каменьчык,
Зямля.