Я семнаццаці год...

Сярэдняя: 3 (1 голас)

Я семнаццаці год.
Ах, як пахнуць высокія травы!
Не заблытацца ў іх —
Нерэальна, напэўна, было б!
Я семнаццаці год...
I яршыняцца ў лузе атавы.
А ў пракосах у бацькі —
Высокі пахмураны лоб.

Ён праводзіць мяне
Да прыпынку,
Што выгнуўся крута.
I на тым павароце
Стаіць незалежна, як лёс.
Вось прабегла імгненне,
Затым — залатая мінута.
I клубіцца ўжо пыл
Вечаровы з-пад дрогкіх калёс.

Пачынаецца даль.
Нізка хмары плывуць табунамі.
Я вярнуся сюды,
Толькі белая наквець міне.
Сенакосная глуш.
Сенакосная ціш паміж намі.
Сенакоснае слова
Яшчэ засталося пры мне.