Я вас люблю

Сярэдняя: 3.5 (37 галасоў)

«Я вас люблю» — няма каму сказаць?
А мне ў любві да скону не змыліцца:
Я вас люблю, лясы і сенажаць,
Старая вёска, новая сталіца.

Мы ў сэрцы носім радасць і грахі
I распраўляем пераможна крылы.
Я вас люблю, айчынныя шляхі,
Я помню вас, забытыя магілы!

I знаю: дзень пражыты недарма,
Калі перажываю і хварэю,
Калі прад імянной сцяной — сама,
Нібы сцяна, ад жудасці бялею.

Падлесак — сын мне, бор вячысты — друг.
Зіма зажурыць — развяселіць лета.
Цябе люблю, патрыярхальны плуг,
Цябе — у страшным космасе, ракета.

Люблю я вас, сівыя мацяркі,
Што аж дагэтуль гояць боль па дзецях,
Што вы мне ўсе — нібы мацерыкі,
Якія хочуць міру на планеце.