Ягадны хутар

Сярэдняя: 3.9 (9 галасоў)
Адкуль жа прысуха-прычасце,
З якое світальнай пары?
У сэрца, адкрытае насцеж,
Удараць званамі бары.

За плёсам гусіным, за садам,
За днём, дзе дарога шчыміць,
Сяло запытальным паглядам
У вочы з партрэтаў глядзіць.
Вайною, магіламі брацкімі
Паўстала яно прада мной.

Ваенная выпраўка дзядзькі
Ля смольнай зямлянкі лясной.

Другі (абагнала па ўзросту!)
Для цёткі — слязой з-пад павек,
У дваццаць няспоўненых вёснаў
Пад шызаю Віслай навек...

Аматарскі здымак вясковы,
Дзе мама, стаміўшыся жыць,
З малым крыкуном трохтыднёвым
Над спаленай доляй стаіць.

У чорным Ігнатава Ліза
Над ямінай, што — без пары...

Асвер з паржавелаю гільзай
У дзеда Антона ў двары.

Нупрэй ля канюшні калгаснай.
Чародка палескіх бабуль.
Цімохаў Пятрусь. Першакласнік,
Ахрышчаны посвістам куль.

Сусед са святочным букетам.
Суседка з унучкай малой.
...Партрэты, партрэты, партрэты!
I кожны да рысачкі свой.

Прапахлы смалою і рутай,
У добры пагодны дзянёк
Сцяжына на Ягадны Хутар
У вырай пакліча здалёк.

Тут першая песня прапета
На мове рабін і ракі.
...Партрэты, партрэты, партрэты.
Вяскоўцы. Радня. Землякі...
У край дарагі і прыветны
Не дзеля зрыфмованых слоў
Гукнула сунічнае лета,
Дакладней — зямля і любоў.

Гады, а ці зоры з арэшын
Упалі на сонечны галях?
...А колькі кабеты пацешак
Згубілі ў бухматых стагах!
Духмянае, вольнае поле
Пры добрым стазвонным бары:
Загончык бульбяны адолееш —
I белыя ў кошык бяры.

Хусцінкі плылі за ракою,
Звінеў-перашэптваўся лён.
Такою ўрадлівай парою
Гукнуў мяне родны раён.
I маму у россыпе кветак
Так лёгка з дарогі зпайшла.
Стаяла высокае лета —
Вяршыня святла і цяпла.

«Пятрок жа, кабетанькі, сёння,
А вы не святкуеце што ж?»

«Хапаем пагоднае сонца.
Бо, можа, панадзіцца дождж.
А ў дождж тады можам патанчыць,
А ці нагукацца ў бары».

«Во, скінь гэты модны жупанчык
Ды грабелькі ў рукі бяры.
Нябось не забыла, як гэта...
Ну, граблі, яны не пяро...»

(Выразней з гадамі партрэты
Знаёмых. Вяскоўцаў. Сяброў.)

«Во, каб жа вярнуць некаторых —
Глядзіш, змаладзеў бы калгас».

«Малодкі сядзяць у канторы
З паперамі. Што ім да нас?»

«I ты ж сваю Любу справадзіла,
Антэка, дак журышся што ж?»

«Сама яна, бабкі, заладзіла,
Што ў горадзе ўся маладзёж».

«А я вам скажу, маладзіцы,
Цяперака моладзі — рай.
Адвыклі яны ад зямліцы,
Гатовае ім падавай».

«Сцяпан са Сцяпаніхай зроду
Не зналі далёкіх дарог.
Дак дзевяць дзесяткаў як лёду
На шчасце ім лёс прыбярог».

«Знайшліся прафесары! Мілыя,
Харошыя, проша шпарчэй!» —
Гукнуў брыгадзір. I смяшлівыя
Міргнулі два небы вачэй:
— А, Жэня, відаць, да абеда.
Глядзіш, праз гадзіну ў адлёт?

— А мы падшукаем суседа,
Каб садзік і каб — агарод.
Ну вось, чым Барвёнак не пара?
I з выгляду — як пагляджу?..

Шчырэла гамонка. Прыпарвала.
Упалі тры кроплі дажджу.
Хусцінка, бялей ад рамонка,
Мядункавы подых цяпла,
Разнасцежана старонка
Маленства майго і святла.

Ліст ад дзядзькі Арцёма «Дзень добры, на добры дзень. Гамоняць, што ты прыязджала. А хата ж наша — наўпрост. Ды ці зловіш цябе, як сініцу за хвост? Ведама ж, дзён было мала. А я тут ваюю з лесам. Не з лесам — хутчэй з людзьмі. Бадай яго, з тым прагрэсам! Сякуць і сякуць... Каб мог — засланіў бы грудзьмі. Адзін маладняк амаль што, а дрэвы не хутка растуць. Прыедзе які-небудзь гальштук, камандуе. I сякуць. Вядома, ўзраслі патрэбы. Не тое цяпер, як раней. Ўзяліся людзі за мэблю, адзін аднаго мудрэй. Вязуць, валакуць, скупляюць. I скупяцца пакрысе. Не кожныя кнігу чытаюць, а стаўляць паліцы усе. Кажуць, модна яно, інцір'еры: адразу ж вучонасць відаць. Лесу ссеклі-такі да халеры, а сякеры — канца не відаць. Ды што гэта я заладзіў, пра што ж гэта я зачаў? Прыязджаў учора Уладзік, ды на табе — не застаў. Пакуль я па лесе матаўся — улятучыўся на «Масквічы». Аставіў запіску, баяўся спазніцца — прыехалі цыркачы. Цырк, дый годзе, на дроце! А можа, я пастарэў. Пад семдзесят. А на рабоце, яно, глядзіш, весялей. Да дрэў прывык, як да бабкі сваее. Пакуль што здарова яна, хаця патроху сівее, здае, як вякоўка-сасна. Дзякуй Богу, сыты, абуты. Патроху-памалу жывём.
    Пішы нам.
          Вёска Ягадны Хутар.
                        Чакаема.
                               Дзядзько Арцём».

Ліст ад стрыечнага брата «Прывецік табе, сястрыца! Зайшоў — ты ж, як ластаўка, — віць! Ці, можа, бліжэй сталіца ужо да сэрца ляжыць? Хацеў абдарыць чарніцамі, набралі аж тры вядры. Сёння ў бацькі здымаў чараніцу, завалля цяпер у двары. А тут і ўборка падспела — забудзь, як звалася ноч. У вас, канешне, другое дзела: адпрацаваў — і рабі што хоч. Добра, што падсобілі шэфы, прыехалі з горада ўсё ж! Скасілі траву. Луг — як падэшва. Цяперака хлоіць дождж. Старому майму пара б адчапіцца ад лесу, ды не — як мёртвай пятлёй. Напомню пра гэта, дык цэлы дзень зліцца і не гаворыць са мной. Што ж, мусіць, не перайначу, колецца ён, як асот. Хату Сёмкаву купілі пад дачу, 10 тысяч 500. Старэйшы, Іванька, здаў экзамены. Няблага, каб дзе знайшлася рука. А Ганя Дзянісава збіраецца замуж за Антолінага Петрака. Астатняе ўсё па-старому. Праўда, развяліся ў нас Куляшы. Прывітанне ад пас малому.
 
                      Пішы».

Ліст ад дзядзькі Арцёма «Дзень добры, на добры дзень. Свята ў мяне цяпер, тут такая з надзей — атрымаў медаль юбілейны «60 гадоў Узброеных Сіл СССР». Прыбавілася яшчэ медалём адным да тых, што з самай Айчыннай. А прад вачыма — порах і дым, пажарышчы перад вачыма, і хлопцы як на падбор, і спапялёныя дзеткі... Кулю яшчэ не адну трымае наш бор з партызанскай разведкі. Прыходзілі піянеры сёння, распытвалі, па лесе вадзіў. А прад вачыма — чорнае сонца і Нескароных, наш камандзір. Здаецца, загаіліся болькі, ды не — адкрыюцца і смыляць. Здароўе, канешне, не з лепшага. Ды толькі — касое яшчэ пачакаць. Самы меншы унучак Стасік да лесу, як я, прыліп. Дзедава, значыцца, кроў перадалася. Былі б на зямлі толькі мір ды згода, жыць можна, можна рабіць. Заліплі соты ў вуллях ад мёду, прыязджай душу саладзіць. Можа, апішаш непазабутнае, як раней і як зараз — жывём.
                           Да пабачэння.
                                                   Вёска Ягадны Хутар.
                           Чакаема.
                                           Дзядзько Арцём».

Па гладкай шашы, па сцяжыне Дарога вяртае дамоў. На кожнай кудлатай хваіне Птушыны распеў галасоў. Знаёмыя сэрцу мясціны: Альшынаўка, Бор, Сватаўцы, Пятроўка, Закуцце, Быліны, Кажухава, Чудкі, Шаўцы... Зрадніліся з назвамі ўласнымі, Здружыліся людзі здавён, Хоць многія (як несучасныя) Змяняў мой палескі раён, Хоць жэняцца ўсё-такі самі Цяпер маладыя, ды — ах — Як славіцца вёска сватамі Да гэтай пары ў Сватаўцах! Хоць моду бяруць з-за граніцы, Ільняніну выціснуў шоўк, Кажухава — самай сталіцы Такі «адпячэ» кажушок! I «лодачкі» ладныя-дробныя Пашыюць з душою Шаўцы. I песняй, такой непадробнаю, Засвецяцца вёснаў вянцы. Радзімкаю вёска світае У краю майго на плячы I босую сцежку трымае У Здораўне і ў Лахачы. Бягуць сувязныя антэны Ў раскрылены часам прасцяг. Вялікія тут перамены Збыліся на радасць жыцця. У пушчы настойнай стрыножыць Прыпар адурманкі жывой. Хоць бабкі не часта варожаць. Ды хаты пранахлі травой. Трыпутпік трывогі падлечыць, Уратуе званец ад бяды; Сасмаглая кнігаўка ўкленчыць Над срэбрам вячыстай вады. Маленствам прасочацца краскі У лёсу майго на мяжы. I вынесе цётка закваскі З дарожанькі рот асвяжыць. Прыеду, нібы вінавата Прад гэтай лясной стараной. У брата прасторная хата I дзетак шумлівы настрой. Занята работай братоўка, На год ад мяне маладзей. Усміхнецца: «Камандзіроўка? Ці так прыляцела на дзень?» Ды з ёю і я у ахвоту Пад сонцам сянцо варушу. I куст арабіны ля плоту Пад вечар загляне ў душу, Частункамі краю Палссся Надзейна накрыецца стол. I ціхая, дзіўная несня Ўзляціць пад высокую столь. «Нядаўна пад стол гэты пешкам...» «Нядаўна...» — маланкаю час. Жанкі, ад пітва захмялеўшы, Самоту разгоняць ураз. «А помніш, у школу хадзілі За рэчку? Забаўны быў час...» «Ці помніш Аўдзеева Дзіму? Цяпер старшынюе у нас». «А Волька, што з горам — дзесяты, У Мінску. Забыла на дом. I хоць бы Матрунцы — да свята... Сустрэнеш яе — прысаром». «А гэты, што з Ведрына, лысы, Ну як жа яго?! Шныпаркоў! Адбіў у Валодзькі Марысю. I трэба ж: любоў без зубоў!» «Не Гэля — мужык у спадніцы, Пілуе сама круглякі». «А чулі: Казла з Асаўпіцы Заштрапілі за шчупакі». «Вядома, глушыў як шалёны. А сквапнасць не ведае меж». «На кніжцы, відаць, паўмільёна!» «На крадзеным — не пражывеш». «Начальнік канторы — дуб дубам. Два словы не звяжа. Бубніць». «Прыслалі загадчыцу клуба, Дзяўчына нішто. Ды дыміць. Ох, модачка на цыгарэты, Куды ж яна дзевак звяла...» Шчабечуць да поўні кабеты — Сумленне й трываласць сяла. Ліст ад мамы «Дзень добры, маё дзіцятка. Надоечы брала каня. З тых пор, як схавалі мы бацьку, лагоднейшым стаў старшыня. Дзякуй Богу, здарова. Грошай болей не шлі. Малако — ад сваёй каровы. Сала ёсць. Нашто мне рублі. Ёсць нейкая пенсія. Хопіць. Адной колькі тое яды! Унучак жа — слаўны хлопец, няма з ім ніякай бяды. Цалюткімі днямі — босы, паправіўся, загарэў. Глядзіш, і дзяцюк пад восень. Трэба паправіць хлеў. Шыферу заказала цэлых дзвесце лістоў. Яшчэ табе не сказала, што будзе многа грыбоў. Дажджы зачасцілі на шчасце, ідуць ужо дзён са пяць. Пасылаю рэцэпт. Цётка Насця прасіла лякарства дастаць. Мучыцца ўжо з паўгода, чаго — а бяды чакай. Пайшла ў нас такая мода: выпішуць, а купіць — дзе хочаш купляй. Пастарайся, калі магчыма, дастань, калі можна дзе. Надта ж дрэнна ў яе з вачыма, засланяе ёй божы дзень. За мяне не хвалюйся. Як бачыла. Працы ж — хоць рук на аршын. Ды як жа яшчэ іначай!
                                                                                    Цалуема моцна, Пішы».

Ліст ад стрыечнага брата «Прывітанне палескае, Жэня! Дзякую, ліст атрымаў! А тут турбуе маё палажэнне: работа сезонная, чорт бы пабраў. Надумаўся куды-небудзь з'ехаць, прыстроіцца больш цікавей. Не думай, што я гэта — смехам. Усе мы — з людзей. Таму хочацца неяк па-людску і працаваць, і жыць. Праўда, не ўгавару Маруську, баіцца нажытае збыць. А тут яшчэ такая халера: карову учора збіў грузавік. Вось табе снедай, вось і вячэрай. Шафёр жа, сабака, знік. Шукай, як кажуць, у полі ветру ды грошыкі зноў рыхтуй. Па тэлебачанні кажуць — паветра чысцейшае тут. Але надыхаўся, баста, думаю ірвануць. Памерла Нупрэева Наста, вокны забілі. А хату, відаць, прададуць. Адпраўляем Стасіка ў школу за пяць кіламетраў у першы клас. Маруська круціцца, што вавёрка ў коле. Ды што паробіш, такі ўжо час. Думаю з'ехаць куды да зімы. Адпісвай. Усяго найлепшага.
                       Мы».

З ліста ад мамы «...дома ўсё па-ранейшаму, па-старому. Працы хапае, пакуль буду жыць. Цяжка, канешне, ў хаце адному. Дзякуй Паўлу, памог дзялянку скасіць. Быў бы ў кума ў сям'і парадак — наўрад ці касіў бы ён мне цэлы дзень. ІІаўліха п'е, дом без прыгляду. Мала цяпер бескарысных людзей. Аксеня нешта сцелецца лістам, казала, што Сцёпа аддае мне фурманку дроў. Тры дні сядзелі ў нас фальклярысты, запісвалі — відаць, апошнія з галасоў. Наспявалі ім бабы. Аж сцены разносіла. А песні такія — хоць кармі салаўя. Гармонік бацькаў аддала я Хвядосіку. Цяпер як зайграе — сама не свая. Прашу, болей глядзі за сабою. Ведаю, адзінота — яна гняце. Назбірала табе дзівасілу і зверабою, а то свецішся ўся, як абраз у куце. Думай усё ж за сабою найперша, глядзі на свет гэты больш весялей. Халера пабрала б гэтыя вершы, без іх мо была б у жыцці шчаслівей. Мо я й не тое табе парадзіла, табе, канешне ж, лепей відаць. Учора заходзіў Арцёмаў Уладзік, надумаўся ў горадзе жыткі шукаць. Стрыечная сястра Гэля запрашае нас на вяселле. Нявесце ўсяго семнаццаць гадкоў, ды не чакае любоў. Дзела не церпіць. I Гэля ў журбе. Казалі, што запрашэнне паслалі табе...» Павяртаюся да роду, Кветам сцелецца шаша. ...Як на згоду — келіх мёду, Як на шчасцейка — пяршак. З дарагое маладосці, З немаўлінага крыла, А ці ўсе паселі госці Ля гасціннага стала? Дзе вяселле п'юць — Там і чаркі б'юць.
Дзе весяляцца —
Там і хмеляцца.
Гэй ты, песня-весялушка:
Сум з вачэй,
                      цяжар з нлячэй!
Вось і сэрца,
                      быццам птушка,
Стала лётаць весялей.

«А хто п'е — таму налівайце,
Хто не п'е — таму не давайце.
А я буду піці-піці,
Як малыя дзіці-дзіці,
Забраўшыся у куток,
Па сем чарак у раток...»

Здорава, Рыгораўна!
Выпі, не зграшы!
З Хутара — да Здораўна
Молада дуты.

Сват адзеў казловы рогі,
Свацця — ў морскім кіцелі.
Не шкадуйце туфляў, ногі!
Дзеўкі, ра-зы-дзі-це-ся!

Сват Арцёмка на куце
Барадою стол мяце.
А язык у роце,
Як чорт у балоце.

Ой, не надта сып ты,
                                    свацця,
Бо язык твой разнясе.
У цябе ж таго й багацця,
Што ў запазусе.

Сербіянка бокам-скокам,
Лакаточкам аб сцяну:
«Мой мілёначак далёка,
Я другому падміргну».

«А мой мілы чарнабровы,
Мой мілёначак шафёр.
Ды ў яго наконт любові
Не заводзіцца матор».

«Міла кура папяросы,
На мяне пускае дым.
Сама ходзіць, з кім захоча,
А мне кажа, каб ні з кім».

А ў кругу не размінуцца,
Танец каруселіцца.
I прыпеўкі не здаюцца,
Самасеем сеюцца:

«Папрашу цябе, не руш:
Баба я бядовая.
Гарадскі твой капялюш,
Галава ж садовая».

Рукі ў бокі,
                   нос — угору,
На сяло —
                   адзін жаніх,
За руку бярэ Рыгораўну,
Выцінае за дваіх:

«На гарэ шуміць бяроза,
Дробны ліст угору ўе.
Што за жонка ў брыгадзіра —
Пахмяліцца не дае».
Барабаншчыца Настася,
Як заўжды, і тут знайшлася:

«Будзем пець і танцаваць
Рознымі манерамі,
А картоплю выбіраць
Толькі з інжынерамі».

...З дарагое маладосці,
З немаўлінага крыла —
Столькі дзіўнай весялосці!
Столькі роднага цяпла!

Песня — бурай, песня — лістам.
Песня — сонцам у акно.
Франтавога гарманіста
За ваколіцай чутно.

Ой, салодка! Ой, як горка!
Весялей іграй, Фядот!
Два гнядыя на падворку
Выбіваюць «пад факстрот».

Кум з кумой не размінуцца,
Кума — быццам з бульбай мех.
Ап'янелі, пеўні б'юцца,
Як відно, курам на смех.

Покуль пеліся частушкі
I хмялеў вясельны хор —
З хаты выкралі падушкі,
Хтось кудысь вароты спёр.

Жытнім духам, веснім шалам
Адгукнуўся перазоў.
Песня сэрца прывітала,
Засвяцілася слязой.

Ды сляза — яна ад шчасця,
Непрашоная, бяжыць.
Ды сляза — яна ад страсці
Жыць, і помніць, і любіць.

З ліста дзядзькі Арцёма «...дзякуй табе за «літоўку», самая, што патрэбна! Збіўся Уладзік мой з толку — гарадскога запрагнуў хлеба. А тут жа ў яго — і хата, сам ставіў сасновы зруб. Гоніцца па зарплату. Заходзіў Ачэльчын Якуб, пацкаваў, відаць-такі. Божыўся, што ў горадзс ўсё ж лягчэй: адпрацаваў наложанае — і груз, як кажуць, з плячэй. Вядома, што са скацінай у вёсцы — яно цяжэй, распанелі, пся крэў. Як на карціне запрагнулі жызні. Хлеў, што і хата, патрабуе дагляду. Ды давай яму чысты аклад, давай яму, братка, пасаду! А дзе ж на ўсіх набрацца пасад. У школу хадзіў — каб вельмі, то ў яго не свяціўся талёнт. Спахапіўся, ды позна, шэльма, хутаранскі інцілігент! А як жа парваць адразу, садочак, гарод — пануй. Што скажаш на гэты казус? Заявіцца — паталкуй...» Праз ноч, ад дажджоў праліўную, У час, калі сцішыўся дом, «Заявіцца — паталкую», — Я думала па-над лістом. Хоць ведала, будзе складана З Уладзікам мне талкаваць. Ярамі, вятрамі, садамі — Між намі дарожкі шчымяць. I стол мой, завалены стосам Пакрэсленых з часам радкоў, Наўрад ці падкажа, што лёс мой Вясковы — з-пад самых асноў. Якую ж змагу даць параду, Якою ж упэўню цаной, Што ў гэтай кватэры, на радасць, Ёсць боль, што завецца зямлёй. Успомню лагоду — братоўку Між розных жыццёвых атак. Таму не люблю Камароўку За чыста сталічны спектакль. О, гэты кірмаш адмысловы З усмешкай жанок і дзядоў, Завалены спрэс медунцовым Адборным гатункам гуркоў. Ўсміхнецца бабуля Марыся Загадкава мне з-пад рукі: «Як раньш — то насілі ў Менск пісьмы. Цяпер замест пісьмаў — гуркі». А ці ж не ад першага класа На рупнай жыццёвай сяўбе Чэсць нашага ў свеце калгаса Павінны трымаць на сабе? З ліста дзядзькі Арцёма «...Уладзіка не чакай, не прыедзе. Усё-такі ўгаманіўся, балбес. Хату куплялі суседзі. Спалохаўся. Інтарэс да горада ўпаў, шукаў прапіскі. Вядома, людзей там што мошкі. Надоечы дзялянку ў мяне яшчэ адну высеклі. Пуста, бы ў хаце без міскі і ложкі. Прырос да яго, як кулак. Пякуся, шкада мне лесу. А я ж усё-такі як-ніяк — не супраць таго прагрэсу. Праўда, учора з'явіліся двое. З Баяркаў. Пару сосен хацелі зваліць. Ставілі, сабакі, чарку, хацелі старога купіць. Ды купіш мяне за кукіш, так я ім і сказаў Пакуль на хвост не наступіш — нямала бывае праяў. Думаю, як будзем далей. Ды што гэта я заладзіў. Хутка ж не прачыню дзвярэй. Добра, што побач Уладзік. Жывецца добра. Пенсія і зарплата. Працую, значыць, хлеб жую недарма. Матцы тваёй накрылі шыферам хату. Ні дня, ні ночы гэтай людзіне няма. Шэсць дзесяткаў, а сіла — бытта й не страчана. Усё ёй патрэбна — і поле, і сенакос. Хварала яна, пяць дзён была ў гарачцы. Прасіла, каб я табе не данёс. Не любіць яна ўпадаць у наніку. Закваска нашая, як відаць. Пайшоў на трактар унук Іванька. Паступаў, ды зрэзаўся. Ціперака хочуць усе паступаць. Нядзелю цэлую йшоў пралок, жыта ўбіраць было мука. На хрэсьбіны рыхтуйся зімой. Чакаема трэцяга ўнука...» Ліст ад мамы «Дзень добры, маё дзіцятка. Прабач, што затрымка з лістом, праца без канца і пачатку, на мне ж трымаецца дом. Хоць і на пенсіі ўжо як быццам, а дзялянку ў калгасе бяру. Напрацуешся — лягчэй спіцца, весялей сустракаю зару. Смех надоечы быў да зморы: Галенчын прымак чысціў гусей. Узяў у калгасе хлёркі, выкупаў, ляснулі ўсе. Цэлае стада прапала. Галенку за сэрца ўзяло. Фацэцій такіх цяперака мала, а тут рагоча усё сяло. Тры дні атаву зграбалі дзеду, быў бы бацька — было б лягчэй. У горад не кліч, не паеду, ні за якую чэсць. Для горада трэба радзіцца. Куды ж мне ехаць, пражыўшы ў вёсцы век. У мяне ж тут — свая зямліца, знаёмы кожны кусцік і чалавек. Ды у цябе ж там не хорам-палацы, што патрэбна кожны дзень прыбіраць. А я ж адмалку прывыкла да працы, без працы рукі гудуць і баляць. Ці помніш, доню, Барбару з Гарэхава? Хата, што шклянка, агародчык і сад. Была прадала ўсё і ў горад паехала. Тры дні, як вярнулася ў вёску назад. Казала, што дзеці ў яе харошыя: «Мама, полежи, мама, поешь пирог». Ды ад лежні гэтай Барбары пагоршала. Цяпер увіхаецца на градзе, як змаладзеўшы, дальбог. Зблажэла Агапка. Высахла, як свісцёлка. Відаць, нядоўга ўжо... а памерці — няма за кім. Прыязджала ў госці Ігнатава Надзя, рукі — спрэс у пярсцёнках. Як раньш — даражылі адным. А тут і Арцём занямог. Марцэля — дзень і ноч над яго галавой. Можа, хоць на часок прыляцела б, як-ніяк — жалкаваў за табой. Што параіць наконт адпачынку? Пачакае той морскі пляж. Покуль свеціцца перад вачыма — прыязджай, маю радасць уваж. Покуль цепліцца дух ў маім целе — прыязджай да роднага дома. Паклон табе ад цёткі Марцэлі і дзядзькі Арцёма». Дзень добры, цётка Марцэля,— Спрацованы працаўнік. Запознена я прыляцела, На суткі спазніўся цягнік. Дзень добры, дзядзька Арцёме, Пухам табе зямля. Жывіцаю — па жывому — Сачыцца сляза з камля. Зямлю туманец ахутаў — За ноч прарасці грыбам. Дзень добры, Ягадны Хутар, Маёй дабрыні журба. Кажухава, Здораўна, Мальцы Прывецяць бяссоння зару. Тут сосны ўкарэлымі пальцамі Учапіліся ў цвёрды грунт. Не страшны ім гром, і бура, I хмары стагоў снегавых. Перадалася натура Дзядзьку крутая — ад іх. Хоць і за кожнае дрэва, Як за унукаў хварэў, Жыў іхнім плачам і спевам,— Жаліцца дзядзька не ўмеў. Хіба ў лістах сардэчных Часам выказваў свой боль... Дрэва, як палец адсечаны, Дзядзька, баліць над табой. Шум вершалінных хвояў, Звон баравых дубоў — Сёння ўзышлі нада мною, Каб прарасці наноў Памяццю, лёсам, віною, Жорсткага шчасця цаной Перад любоўю маёю, Перад маёй стараной.