Загаворана пушча чаборам...

Сярэдняя: 3.2 (6 галасоў)
Загаворана пушча чаборам —
Колькі хочаш мядунак збірай!
І зялёным святлом святлафора
Галасуе спадвіжніцкі май.
Спеўна мне — між чабору і мяты,
I на гладкім асфальце,
                                      дзе крок
Вывучае мелодыю свята,
Як найпершае слова сынок.
Мне яшчэ гэтак многа і мала,
Што насіла з сабой і нашу,
I таго, што паспець запісала,
I таго, што яшчэ запішу!
Адчыняюцца поўдня вароты,
I зліваецца з ямбам харэй.
На пякучай мяжы адзіноты
Разумею мудрэй і вастрэй.
Лёс мой — лес мой у ціхай маркоце,
Разглядаючы шчасця сляды,
На кручастым стаіць павароце,
Зразумелы для кожнай бяды.
I за што б вы мяне ні судзілі —
Трудны шлях мой і боль незнарок
Прачынаецца там, дзе, надзіва,
З палатна не сышоў васілёк.
I душа — немаўля, непакора,
Уся з вяртанняў, падзей і прыкмет
На чырвоным святле святлафора
Задумёна ўзіраецца ў свет.